ЗБОРНIКI ПАЭЗII
Дзявочае сэрца (1961)
Нёман ідзе (1964)
Запалянкі (1967)
Доля (1972)
Ты - гэта ты (1976)
Браткі (1979)
Загасцінец (1985)
Дзе ходзяць басанож (1983)
Даўняе сонца (1987)
А на Палессі (1990)
Нядзелька (1998)
На белых аблоках сноў (2002)
Хадзі на мой голас (2008)
Ойча наш... (2008)
ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ
Перапёлка (1968)
Грыб-парасон (1969)
Дзічка (1971)
Рыжая палянка (1971)
Дагані на кані (1973)
Лузанцы (1982)
Гараднiчанка
РЭКЛАМА НА САЙЦЕ
 
У ЖНІЎНІ ГЭТАГА ГОДА СВЕТ ПАБАЧЫЛА....
У жніўні гэтага года свет пабачыла першая кніга прозы — зборнік нарысаў, мемуараў і эсэ — вядомай беларускай паэткі Дануты Бічэль. Кніга «Хадзі на мой голас» была прэзентавана 3 жніўня ў вёсцы Біскупцы, на радзіме паэткі. Пагартаць зборнік, сустрэцца з культавай беларускай літаратаркай, якая памятае Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Наталлю Арсенневу, і атрымаць з яе рук экземпляр з аўтографам, сёння з’явіцца магчымасць у гродзенцаў, паведамляе БЕЛТА.
Кніга ўспамінаў Дануты Бічэль
Гэта кніга была выдадзена ў польскім Вроцлаве у межах серыі «Гарадзенская бібліятэка» пры падтрымцы аргкамітэта грамадскага руху «За свабоду» і калегіума Усходняй Еўропы імя Яна Новака-Язеранскага пры Вроцлаўскім універсітэце. Раней у межах серыі «Гарадзенская бібліятэка» ужо выйшла манаграфія доктара гістарычных навук Юрыя Гардзеева «Магдэбургская Гародня (сацыяльная тапаграфія і маёмасныя стасункі ў 16-18 стст.)».

Упершыню зборнік Дануты Бічэль быў прэзентаваны ў двары дома яе сястры Рэні Супрэнь. На прэзентацыю сабраліся даўнія суседзі паэткі, жыхары вёскі Біскупцы, а таксама гродзенскія літаратары, мастакі і грамадскія дзеячы.

Адзін з арганізатараў мерапрыемства, грамадскі дзеяч Павал Мажэйка адзначыў тады, што асабліва важна было пачаць серыю прэзентацый менавіта з роднай вёскі паэткі. «Мы вярнуліся да каранёў, да тых мясцін, з якіх чэрпаем энергію. Беларуская традыцыйная вёска вымірае, і гэта сумна. Мы хацелі зрабіць свята для Біскупцоў, для іх чыстых і светлых жыхароў. І нам гэта ўдалося», — сказаў ён.

У кнізе, багата ілюстраванай фотаздымкамі, аўтарка ўзгадвае падзеі грамадскага жыцця ў Гродна ў 80-90 гады ХХ стагоддзя, вядомых асоб, якія ў розныя часы з’яўляліся яе сябрамі: айца Уладзіслава Чарняўскага, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Артура Цяжкага, Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Ірыну Крэнь, Анатоля Сыса, Хрысціну Лялько, Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Наталлю Арсенневу. Ёсць у зборніку і нарыс пра Чэслава Мілаша, з якім паэтка знаёмая не была, але, па яе словах, «здаецца, што былі знаёмыя ўсё жыццё».

«Захацелася скінуць з сябе салодкую няволю рыфмаў, гэты панцыр чарапахі. Гэтая кніжка — яшчэ не развітанне, не запавет, але падвядзенне вынікаў, — кажа Данута Бічэль ва ўступе да кнігі. — У маёй жыццёвай прыгодзе паэткі найважнейшымі з'явамі былі людзі, якія мяне любілі, якіх я любіла. Цяпер я зразумела, што пра людзей, якія істотна паўплывалі на мой лёс, у вершах не напішаш. Дасканалай мовай прозы я не валодаю. Таму атрымаліся эсэ.

Вядома, гэтая кніжка няроўная. Я не ўсюды дала рады сваім эмоцыям. На мяжы паміж паэзіяй і прозай, калі ўдаецца заскочыць за далягляд думкі, дзе пачуццё і думанне зліваюцца ў адно, мае эсэ атрымаліся. Заходзьце да мяне, хто ў смутку, душа кніжкі заўсёды адчынена…»

Назваць сваю кнігу сказам-поклічам паэтку прымусіў голас Васіля Быкава, які паклікаў яе за сабой.

«Мы былі ў Скідзелі, на нейкай вечарыне, выйшлі з клуба, было цёмна, ішоў дождж, вакол стаялі лужыны, і ён гукнуў: «Хадзі на мой голас». І мне падумалася — як ён добра сказаў, бо я ўсё жыццё ішла на яго голас. І калі шукалася назва для кнігі, я ўспомніла гэты выпадак і гэту фразу», — прызналася Данута Бічэль у інтэрвью «Радыё Свабода».

Паэтка кажа, што для мемуараў выбірала тых людзей, якія сапраўды ўпрыгожылі яе жыццё, каб не дзяліцца дрэнным, каб «не ўсё на продаж». Тым не менш, некаторыя героі яе жыцця так і не патрапілі ў кнігу, бо пакуль што на іх проста не знайшлося словаў.

Пісаць пра Быкава, па словах Дануты Бічэль, было складана, хацелася выбіраць лепшыя словы, не пакрыўдзіць нікога дробяззю. А эсэ пра дагэтуль не рэабілітаваную беларускай дзяржавай Ларысу Геніюш атрымалася лёгкім, светлым, да яго дадалася і перапіска дзвюх паэтак. Першае ліставанне, праўда, не захавалася — было спалена яшчэ ў 1967-м…

Ларыса Геніюш у гэтай кнізе займае першае месца. «Яна сапраўды — мая духоўная маці, яна мяне стварыла. Я пра гэта пішу, — кажа Данута Бічэль. — Мне вельмі прыемна, што кніга «саспела» якраз перад днём нараджэння Ларысы Антонаўны».

Паэтка лічыць, што да стагоддзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш патрэбна выдаць усю яе перапіску.

«А ўвогуле трэба выдаць усе творы Геніюш ад пачатку да канца — вершы, прозу, успаміны, паэмкі яе ўсе — і ўдалыя, і няўдалыя», — адзначае Данута Бічэль.

 

     

© 2010 DanutaBichel.ru Все права защищенны.
Дизайн и разработка YG ArtStudio